RESUME:
The November-December issue of the newsletter expands on:
IABS Committee Member News
Books received
A bibliography of foreign publications on Belarusian studies
Obituary
РЕЗЮМЕ:
Ноябрьско-декабрьский выпуск бюллетеня включает информацию о:Новости членов комитета МАБ
Новые поступления библиотеки МАБ
Библиография иностранных беларусистических публикаций
Некролог
Пасяджэнне камітэта МАБ
18 лістапада 2006 г. на філалагічным факультэце БДУ пад старшынствам старшыні МАБ Сяргея Запрудскага адбылося пасяджэнне камітэта МАБ. Непасрэдна на пасяджэнні прысутнічалі Адам Мальдзіс, Таццяна Рамза, Таццяна Валодзіна, Герман Бідэр (Аўстрыя), Сяргей Важнік, Моніка Банькоўскі (Швейцарыя), Андраш Золтан (Венгрыя), Мар’ян Слобада (Чэхія), Генадзь Цыхун, Ніл Гілевіч, Захар Шыбека, Алесь Лозка, Уладзімір Кошчанка, Надзея Шакун, Генадзь Арцямёнак (Віцебск), Канстанцін Усовіч (Гомель), Дзмітры Паўлавец (Гомель). Шэраг сяброў камітэта даслалі да пасяджэння свае лісты.
Абмяркоўваліся пытанні юрыдычнага адрасу і перарэгістрацыі МАБ, арганізацыйнай структуры, інфармацыйнай дзейнасці і памераў складак МАБ, планы на 2007 год.
Па пытанні юрыдычнага адрасу і перарэгістрацыі МАБ была прынята да ведама інфармацыя пра тое, што кіраўніцтва МАБ паспяхова вяло перамовы з Беларускім дзяржаўным універсітэтам аб атрыманні юрыдычнага адрасу і што неабходныя для перарэгістрацыі дакументы перададзены ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Намеснік старшыні МАБ Таццяна Валодзіна паінфармавала прысутных аб арганізацыйнай структуры МАБ. У адпаведнасці з новай рэдакцыяй статута прызнана неабходным структурна аформіць рэспубліканскае (айчыннае) аддзяленне.
Інфармацыйная дзейнасць МАБ прызнана здавальняючай. Праблемным аспектам гэтага напрамку застаецца недастатковая адладжанасць тэхналогіі збору інфармацыі. Заўвагі выклікала, тое, што значная частка замежнай бібліяграфіі ўкладаецца ў Мінску, вынікам чаго з’яўляецца яе запозненасць і фрагментарнасць. Замежным аддзяленням МАБ рэкамендавана больш актыўна інфармаваць бюро МАБ пра новыя публікацыі ў галіне беларусістыкі ў сваіх краінах. Патрабуюць лепшай арганізацыі працэдура збору інфармацыі пра будучыя канферэнцыі ў Беларусі, пашырэнне кола аўтараў, якія пішуць для сайта МАБ, яго тэматычная ўраўнаважанасць і інш. Звернута ўвага на тое, што не ўсе сябры МАБ карыстаюцца выгодамі ад існавання сайта МАБ (http://mab.org.by), на якім звычайна змяшчаецца больш інфармацыі, чым дастаўляецца ў электронных рассылках.
Зацверджаны памер складак за 2006-ы год: 5 еўра (ці эквівалент у беларускіх рублях). Пастаноўлена ў працэсе збору складак звяртаць увагу сяброў МАБ на тое, што ў адпаведнасці са Статутам яны маюць права плаціць складкі ў вышэйшым памеры, чым гэта вызначана Камітэтам МАБ.
Планы. Паводле агульнай думкі прысутных, 2-гі і 3-ці тамы матэрыялаў мінулага кангрэса беларусістаў (выданне якіх дагэтуль не адбылося) у 2007-м годзе маюць быць выдадзены абавязкова.
Дадаткова ганаровы старшыня МАБ Адам Мальдзіс паставіў пытанне аб неабходнасці спрыяць перадачы інфармацыйнай базы (выразкі з газет і часопісаў, замежныя беларусістычныя артыкулы і інш.) былога Скарынаўскага цэнтра (якая цяпер знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце) у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Пасля завяршэння рабочай часткі ў пашыраным складзе (да членаў камітэта далучыліся шэраг удзельнікаў праведзенай напярэдадні канферэнцыі “Мова – Літаратура – Культура”) адбылося ўшанаванне юбіляраў МАБ восені 2006 года: Ніла Гілевіча, Германа Бідэра і Генадзя Цыхуна. Вінаваўцам урачыстасці былі ўручаны юбілейныя адрасы і сціплыя падарункі. Маладзейшыя калегі выказалі юбілярам шчырыя словы падзякі і захаплення ў сувязі з іх вялікім укладам у развіццё беларусістыкі. Ганаровы старшыня МАБ Адам Мальдзіс расказаў пра кожнага з юбіляраў прынагодную забаўную гісторыю. Урачыстая частка пасяджэння камітэта МАБ прайшла ў прыемнай сяброўскай атмасферы.
Навуковы сакратар МАБ Таццяна Рамза
Міжнародная асацыяцыя беларусістаў перарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь
Згодна з пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь 12 снежня 2006 г. Грамадскае аб’яднанне “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” зарэгістравана ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Старшыня МАБ атрымаў пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага аб’яднання “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” за № 01722.
Новую рэдакцыю статута МАБ гл. на нашым сайце пад адрасам http://mab.org.by/Новы юрыдычны адрас МАБ:
вул. К. Маркса 31,
філалагічны факультэт БДУ,
Мінск 220050,
Рэспубліка Беларусь
Е-mail: mabinfo@gmail.com
16-17 лістапада 2006 г. кафедра сучаснай беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага універсітэта і Грамадскае аб’яднанне “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” правялі 5-ю міжнародную навуковую канферэнцыю “Мова – Літаратура – Культура”, прысвечаную 80-годдзю з дня нараджэння прафесара Льва Міхайлавіча Шакуна.
Канферэнцыя аб’яднала славістаў 10 краін: Аўстрыі, Беларусі, Венгрыі, Германіі, ЗША, Літвы, Польшчы, Расія, Украіны, Швейцарыі. Удзельнікаў канферэнцыі прывіталі прарэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта праф. Уладзімір Клюня, дэкан філалагічнага факультэта БДУ праф. Іван Роўда, ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў праф. Адам Мальдзіс.
Першае пленарнае пасяджэнне распачаў праф. БДУ Мікалай Прыгодзіч (Мінск) дакладам “Прафесар Леў Міхайлавіч Шакун як выдатны даследчык-беларусіст”. Даклад дацэнта універсітэта Браяма Янга (штат Юта, ЗША) Энтані Браўна быў прысвечаны вывучэнню моўнага зруху ў часавай перспектыве (паводле дадзеных апытання студэнтаў у Рэспубліцы Беларусь. Старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў дац. Сяргей Запрудскі разважаў на тэму “Аб уздзеянні экстралінгвістычных фактараў на развіццё мовы: беларускі выпадак”, праф. Санкт-Пецярбургскага і Грайфсвальдскага універсітэтаў Валерый Макіенка (Расія-Германія) – “Арэальная фразеалогія і арэальная лексікалогія (агульнае і спецыфічнае)”.
На канферэнцыі працавалі 13 секцый, сярод якіх: “Актуальныя праблемы гісторыі беларускай мовы”, “Беларускі лінгвакультурны феномен: сутнасць, статус, дынаміка”, “Беларуская фразеалогія і парэміялогія на славянскім фоне”, “Беларуская народная мова ў сучасным дыялекталагічным і дыялектаграфічным асэнсаванні”, “Нармалізацыя сучаснай беларускай мовы: вуснае і пісьмовае маўленне”, “Аспекты моўных даследаванняў” і інш.
Упершыню ў межах навуковай канферэнцыі быў арганізаваны «круглы стол» “Беларуская мова як замежная”, прысвечаны праблемам выкладання беларускай мовы іншафонам як у Беларусі, так і за яе межамі. У ім прынялі ўдзел дакладчыкі з Венгрыі, Нямеччыны, Швейцарыі, Чэхіі, якія выкладалі ці выкладаюць беларускую мову ва універсітэтах гэтых краін, а таксама выкладчыкі беларускіх ВНУ, якія працуюць з іншаземнымі навучэнцамі: палякамі, расіянамі, немцамі, амерыканцамі, шведамі, чэхамі, славакамі і інш.
На пасяджэнні выступілі прыват-дацэнт Увэ Юнгганс (Ляйпцыг), які ў сваім дакладзе акрэсліў ролю беларускай мовы ў нямецкай славістыцы на пачатку ХХІ ст., і навуковы супрацоўнік Соня Хайль (Берлін), якая закранула найбольш спецыфічныя праблемы ў выкладанні беларускай мовы немцам. Нямецкую беларусістыку прадстаўлялі таксама маладыя даследчыкі, якія раней праходзілі стажыроўку ў БДУ: Элізабэт Лесэр (Йена), Клаўдыя Гуртыг (Ляйпцыг), Ціна Вюншман (Дрэздэн-Брэст). Цікава, што не толькі выкладчыкі ў межах сваіх інстытуцкіх вучэбных праграмах імкнуцца пашыраць веды пра беларускую мову праз лекцыйныя курсы, семінары, напісанне навуковых канфрантатыўных работ, але і самі нямецкія студэнты арганізуюць пазнавальныя экскурсіі ў Беларусь з кароткатэрміновым навучаннем мове. Гэтым летам студэнтам з Беларусі прапануецца своесаблівая “экзотыка” – летні тандэм-курс, пра які рупіцца Сара Компа (Бон), а таксама беларуска-нямецкі семінар, якім апякуецца Марына Шарлай пад кіраўніцтвам праф. Х. Кусэ (Дрэздэн).
Акрамя праблем у выкладанні беларускай мовы за межамі Беларусі, напр., у Нямеччыне (даклад Соні Хайль), Швейцарыі (даклад Монікі Банькоўскі-Цюліг), Расіі (даклад Алены Яфімавай); Чэхіі (выступленне Мар'яна Слобады), абмяркоўваліся праблемы ў навучанні беларускай мове іншафонаў у Беларусі: амерыканцаў і шведаў (выступленне Алесі Літвіноўскай) і стажораў-палякаў (выступленне Кацярыны Любецкай).
Важным момантам пасяджэння «круглага стала» сталі прэзентацыя Ларысай Станкевіч (Будапешт–Брэст) першага навучальнага дапаможніка па беларускай мове для венграў «Дваццаць сустэч з Беларуссю», падрыхтаванага ёй сумесна з Жужай Каткіч пад рэд. праф. Будапешцкага універсітэта Андраша Золтана, а таксама выступленне Сяргея Аляксандрава, ініцыятара ідэі віртуальнага падручніка гутарковага маўлення “Гавары са мной па-беларуску”, якім актыўна карыстаюцца аматары найноўшых сродкаў камунікавання.
Пра неабходнасць стварэння паўзроўневай тыпавой праграмы навучання беларускай мове, якая ў ідэале мусіла б стасаваццц з еўрапейскай сертыфікацыйнай праграмай выкладання моў, і адпаведных ёй сучасных дапаможнікаў, а таксама пра неабходнасць аднаўлення і рэгулярнага правядзення Летняй школы беларусістыкы апавядала ў сваім выступленні Таццяна Рамза (Мінск).
На канферэнцыі былі прачытаны некалькі дакладаў, прысвечаных навуковай спадчыне прафесара Шакуна (Генадзь Арцямёнак – “Прафесар Леў Шакун як даследчык праблем беларускага словаўтварэння”, Галіна Ціванова – “Праблема пераемнасці паміж старабеларускай і новай літаратурнай мовай у асвятленні прафесара Льва Шакуна”, Таццяна Сакун – “Прафесар Леў Шакун як даследчык іншамоўнай лексікі”).
На пасяджэнні секцыі “Актуальныя праблемы гісторыі беларускай мовы” былі заслуханы 11 дакладаў, кожны з якіх стаў прадметам ажыўленых дыскусій. Асаблівую цікавасць выклікалі выступленні Андраша Золтана (Венгрыя) “Венгерска-старабеларускія фразеалагічныя паралелі”, Ірыны Будзько “Граматычная мадэль у перакладах Францыска Скарыны: да пытання аб перакладчыцкай тэхніцы беларускага першадрукара”, Уладзіміра Кароткага “Білінгвальнасць і макаранічнасць у палемічнай публіцыстыцы Беларусі ХVI–XVII ст.”, Уладзіміра Свяжынскага “Праблема афіцыйнай мовы ВКЛ у літоўскай і ўкраінскай гістарыяграфіях”. Удзельнікі дыскусіі адзначылі актуальнасць праблематыкі прачытаных дакладаў, праблемна-пошукавы характар прапанаваных даследаванняў, у некаторых выпадках – магчымасць выкарыстання моўных фактаў і іх інтэрпрэтацыі ў практыцы выкладання дысцыплін гісторыка-мовазнаўчага цыклу.
На пасяджэнні секцыі "Беларускі лінгвакультурны феномен: сутнасць, статус, дынаміка" былі прачытаны 13 дакладаў і паведамленняў з 22-х прадугледжаных праграмай.
Спектр тэматыкі дакладаў быў вельмі стракаты, што адлюстравана і ў назве секцыі. Тое ж можна сказаць і пра ўзровень дакладаў, які вар'іраваў ад спробы абагульнення цэлага напрамку ў развіцці беларускага мовазнаўства да студэнцкай курсавой працы, прысвечанай пераліку пэўных фактаў, выпісаных з адной лексікаграфічнай крыніцы, з мінімальнымі аўтарскімі каментарамі.
Аглядны характар мелі даклады Вячаслава Шчэрбіна "Канцэптуальная аснова моўнай карціны свету беларусаў" і Мікалая Антропава "Беларуская этналінгвістыка паміж маскоўскім і люблінскім этналінгвістычнымі кірункамі". У першым з іх некаторыя (пераважна расійскія) дасягненні ў вывучэнні нацыянальнай карціны свету праецыраваліся на беларускую этнамоўную рэальнасць, у другім канстатаваўся факт пераважнай арыентацыі беларускіх этналінгвістаў на дасягненні і метадалагічныя падыходы маскоўскай этналінгвістычнай школы.
Асобна ў тэматыцы секцыі стаяў даклад вядомага беларусазнаўцы з Польшчы Лены Глагоўскай "Мова як аснова нацыі (на прыкладзе беларускамоўнага ліставання ў паваеннай Польшчы)", які грунтаваўся на шматмоўнай карэспандэнцыі знанага беларускага і польскага этнографа Мар’яна Пецюкевіча. Пецюкевіч прайшоў грунтоўную школу ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя ў міжваенныя гады і застаўся да канца жыцця адданым патрыётам і прыхільнікам беларушчыны, нягледзячы на ўсе складанасці і перыпетыі свайго жыцця ў Савецкім Саюзе і Польшчы. Частка яго лістоў да розных асоб (у тым ліку да Юрыя Туронка, Аляксандры Бергман і іншых больш або менш знаных навукоўцаў і дзеячаў Заходняй Беларусі і Польшчы) змешчаны ў выдадзенай у 2005 г. у Беластоку кніжцы "Мар'ян Пецюкевіч / Marian Pieciukiewicz. Лісты (1956-1982) Listy". Лісты прыводзяцца з захаваннем арыгінальнага напісання і несумненна з'яўляюцца помнікамі жывой пісьмовай беларускамоўнай традыцыі, якая заслугоўвае ўвагі лінгвістаў. Асабліва цікавым падаецца ліст да сябра з часоў студэнцтва Люцыяна Туркоўскага, напісаны на т. зв. мэйшагольскай гаворцы, што ўяўляе беларуска-польскую трасянку, якой карысталіся ў Вільні і яе ваколіцах у міжваенны час.
Значную цікавасць выклікаў даклад аспіранта Венскага універсітэта Філіпа Гофэнэдэра "Беласточчына і Далёкае Мазоўша як пераходная зона да пальшчызны крэсовай", які следам за Тадэвушам Зданцэвічам канстатуе адваротны ўплыў т.зв. пальшчызны крэсовай (узніклай на беларускім моўным субстраце) на карэнныя польскія гаворкі паўночна-ўсходняй Польшчы і фармаванне арэальнай супольнасці на сумежных тэрыторыях.
Фёдар Клімчук і Аксана Шатун у сваіх дакладах спрабавалі за матэрыяламі перапісу (парафіяльных спісаў) 1857 г. у Беларусі і спісаў жыхароў Мазыршчыны першай паловы ХХ ст. убачыць рэальны малюнак этнанацыянальнай самасвядомасці і прафесійнай разнастайнасці мясцовага насельніцтва. Гэта здаецца дастаткова праблематычным з улікам суб'ектыўных установак асоб, што праводзілі перапіс, і мэтаў, якія ставіліся афіцыйнымі ўладамі Расіі пры правядзенні перапісу, а таксама міграцый і храналагічнай прывязанасці прозвішчаў і мянушак да пэўнага перыяду і мясцовасцяў.
Шэраг дакладаў быў прысвечаны анамастычнай праблематыцы. Марыя Путрова ў дакладзе "Ужыванне імя ўласнага на Полаччыне" разглядала функцыянаванне варыянтаў антрапонімаў у абмежаваным рэгіёне з пункту погляду гендэрнай праблематыкі. Алена Кавалёва ў дакладзе "Айконімы-саветонімы, суадносныя з апелятывамі-сімваламі таго часу" разгледзела лёс народжаных у таталітарную эпоху неадпаведных традыцыйнаму анамастычнаму ландшафту назваў населеных пунктаў тыпу Новы Шлях, Маяк Камунізма, Зара і стаўлення да іх мясцовых жыхароў.
Прыватным праблемам былі прысвечаны даклады Ірыны Вальвачовай "Уяўленні аб кіраванні ў беларускай моўнай карціне свету", Ганны Старасцінай "Параўнальныя звароты ў рамане Івана Мележа «Людзі на балоце» і іх пераклад на нямецкую мову", Вольгі Чарапко "Тапонімы ў зборніку прыказак і прымавак Івана Насовіча".
Прачытаныя на секцыі даклады прадэманстравалі шырокі спектр даследчыцкіх пошукаў, які, аднак, за невялікімі выключэннямі ў значнай ступені абмежаваны інфармацыйнай арыентаванасцю на расійскія мовазнаўчыя цэнтры. Гэтая "аднавектарнасць", несумненна, адмоўна ўплывае на развіццё беларусістыкі, бо стварае эфект другаснасці ў адносінах да пастаноўкі задач і метадалагічных падыходаў.
На пасяджэннях фразеалагічнай секцыі былі прачытаны даклады Мікалая Аляхновіча з Брэста (“Аманімія і полісемія ў сістэме мовы: фразеалагічны ярус”), Вольгі Фурс аб моўнай залежнасці перакладаў ад тыпаў дыскурсу, Юліі Назаранкі (“Прэцэдэнтныя гіперлексемы ў творчасці Якуба Коласа”), Вікторыі Андрыенкі (“Фразеалагічныя адзінствы як база для ўтварэння самастойных лексем”) і інш.
На пасяджэнні секцыі “Нармалізацыя сучаснай беларускай мовы: вуснае і пісьмовае маўленне” ў пэўным сэнсе насуперак назве ў шэрагу дакладаў асвятляліся розныя аспекты нормы беларускай літаратурнай мове ў яе дыяхранічным вымярэнні, што паказвае на тое, што гістарычны ракурс для сучаснай норматворчасці мае істотнае значэнне. Герман Бідэр (Аўстрыя) прачытаў даклад пра стварэнне мовазнаўчай тэрміналогіі ў працах беларускіх лінгвістаў 1920-х гадоў. Ірына Гапоненка разважала пра лексічныя наватворы ў беларускай мове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Вольга Ляшчынская з Гомеля прадставіла даклад пра купалаўскія варыянты ў працэсе выпрацоўкі літаратурных нормаў. Ганна Заяц прааналізавала спосабы падачы праблемы арфаэпічных нормаў беларускай мовы ў асвятленні перыядычнага друку 1940–60-х гг. Ігар Клімаў асэнсаваў ролю прэскрыптывізму ў гісторыі беларускай літаратурнай мовы на працягу ХХ стагоддзя. Актуальныя праблемы сучаснай моўнай практыкі асвятляліся ў дакладах Галіны Вештарт (“Дзеепрыметнікі залежнага стану ў сучаснай беларускай мове: семантыка, нормы і ўжыванне”), Ганны Малько з Горак (“Марфалагічны аспект руска-беларускай інтэрферэнцыі”), Людмілы Мінаковай з Гомеля (“Тэхнічная тэрміналогія як сродак узбагачэння агульнаўжывальнай лексікі беларускай мовы”), Алены Пятровіч (“Стаўленне да некаторых варыянтных нормаў (паводле дадзеных сацыялінгвістычнага апытання)”), Веранікі Каламійцавай (“Генуінныя і статуальныя тэрміны ў беларускай турыстычнай тэрміналогіі”). Праблему інтэрферэнцыі ў маўленні гарадскога насельніцтва на баранавіцкім матэрыяле разгледзела Таццяна Паўлоўская з Баранавічаў.
Праца секцыі “Аспекты моўных даследаванняў (лексікалогія)” вызначалася рознымі падыходамі да вывучэння функцыянавання слова ў беларускай мове. Маштабнасцю і высокай ступенню абагульнення вызначаліся выступленні праф. Арнольда Міхневіча (“Уласнае аблічча слова (палемічныя нататкі)”) і Алесі Доўгаль (“Эматыўны патэнцыял слова”). Даследаванню сістэмнасці ў лексіцы ў супастаўляльным аспекце было прысвечана выступленне Валянціны Выхоты “Замежнае слова як сродак дыферэнцыяцыі міжмоўных амонімаў, паронімаў і полісеміі”. У дакладах Ірыны Ашарчук (“Функцыя стварэння градацыі ў тэкстах Якуба Коласа”), Марыны Бурміч (“Анадыплозіс і яго стылістычная роля ў паэтычным маўленні”), Марыны Разладавай (“Прыметнікі чорны і белы як лексемы ядра ў мікрасістэме колераабазначэння сучаснай беларускай мовы”), Марыны Чаеўскай (“Канцэпт дабра ў творах В. Быкава”) і Ягора Прыстаўкі (“Спалучэнне метамоўнай і паэтычнай функцый як спосаб стварэння досціпу ў лацінскім трактаце М.К. Сарбеўскага “Аб вастрыні і досціпе” (1619 / 1623)”) аналізаваліся выяўленчыя ўласцівасці лексікі. А выступленні Ірыны Савіцкай (“Назіранні над семантычнай структурай слоў у беларускіх слоўніках 20-х гг. ХХ ст.”), Уладзіміра Кошчанкі (“Стварэнне лексіка-граматычнай базы беларускай мовы і перспектывы яе выкарыстання”) і Марыны Буры (“Метафара ў беларускамоўным моладзевым жаргоне”) паказалі асаблівасці функцыянавання беларускага слова ў сінхраніі і дыяхраніі.
Разнастайнасцю тэматыкі вызначаліся даклады, з якімі выступілі ўдзельнікі секцыі “Аспекты моўных даследаванняў (словаўтварэнне)”. Пра беларускае словаўтварэнне на пачатку ХХІ стагоддзя гаварыў праф. Аляксандр Лукашанец. Асаблівасці ўтварэння і функцыянавання прыметнікаў са значэннем процідзеяння ў сучаснай беларускай мове аналізавала дац. Зінаіда Бадзевіч. Словаўтваральная сінанімія множналікавых і адзіночналікавых дэвербатываў стала тэмай выступлення Аксаны Семянькевіч. Стан даследавання асабовых намінацый у сучаснай беларускай мове разглядала Наталля Архіпава. Праблемай ідэнтыфікацыі дэрыватаў адлацінскага паходжання займалася студэнтка Марына Пятрова. Даклад пра лакатывы-дэрыватывы ў дэрывацыйнай сістэме беларускай мовы прачытала аспірантка Наталля Нядзілька. Структурныя тыпы словаўтваральных гнёздаў у беларускай мове прыцягнулі ўвагу А.Кірдун.
На заключным пленарным паседжанні гаворка ішла пра стварэнне адкрытых электронных рэсурсаў беларускай мовы (праф. Алена Рудэнка “Інфармацыйная сістэма «Машынны фонд беларускай мовы»”). Два апошнія даклады былі паяднаныя актуальнай тэмай “мяшаная мова”. Прафесар Альдэнбургскага універсітэта (Германія) Герд Генчэль у дакладзе “«Трасянка»: у якой ступені яна «руская», «беларуская» або «агульная»?”, а таксама праф. БДУ Ніна Мячкоўская (“Тыпы трасянкi паводле паходжання (арэальныя фактары i моўная бiяграфiя чалавека)”) выказалі і абгрунтавалі свой пункт гледжання на гэтую кантраверсійную з’яву беларускага вуснага (і не толькі) маўлення.
Канферэнцыя прайшла на высокім навуковым узроўні. Змешаныя пачуцці выклікала, аднак, тая акалічнасць, што некаторыя заяўнікі дакладаў не палічылі патрэбным прыбыць на канферэнцыю і прачытаць свае даклады. Асабліва вялікая неадпаведнасць паміж заяўленымі ў праграме і рэальна прадстаўленымі дакладамі аказалася ў секцыі “Беларуская фразеалогія і парэміялогія на славянскім фоне”. Арганізатары будучых канферэнцый маюць прыкладаць спецыяльныя намаганні для таго, каб праграмы форумаў адпавядалі рэальнаму стану рэчаў.
*Матэрыял падрыхтаваны на аснове пісьмовых справаздач, падрыхтаваных рознымі ўдзельнікамі секцый і “круглага стала”.
З прычыны асаблівай пунктуальнасці, уласцівай справаздачы з пасяджэння секцыі "Беларускі лінгвакультурны феномен: сутнасць, статус, дынаміка", пазначаем, што яна напісана прафесарам Генадзем Цыхуном.
24–25 лістапада 2006 года ў Варшаве адбылася арганізаванай Кафедрай беларусістыкі Варшаўскага універсітэта і Польскім беларусістычным таварыствам традыцыйная канферэнцыя “Дарога да ўзаемнасці”, прымеркаваная гэтым разам да 50-годдзя з часу заснавання кафедры беларускай філалогіі (сёння – беларусістыкі) Варшаўскага універсітэта.
Пленарнае пасяджэнне прайшло ў зале сенату Варшаўскага універсітэта. Канферэнцыю адкрыла рэктар Варшаўскага універсітэта Катажына Халасіньска-Мацукув, якая расказала прысутным пра навуковыя і дыдактычныя здзяйсненні кафедры. На пленарным пасяджэнні былі прачытаны чатыры даклады: “Беларускі друк на эміграцыі – люстэрка палітычных імкненняў беларускай нацыі” Вітаўта Кіпеля (Нью Йорк), “Беларускае асветніцтва ў міжваеннай Польшчы: творчасць Станіслава Грынкевіча” Уладзіміра Конана (Мінск), “Дзве крайнія тэндэнцыі ў сучаснай беларускай літаратуры: духоўнасць і эротыка” Арнольда Макміліна (Лондан), “Аб перакладах «Новага Запавету» на сучасную беларускую мову” Мікалая Цімашука (Варшава).
Секцыйныя пасяджэнні канферэнцыі праходзілі ў будынку факультэта прыкладной лінгвістыкі і ўсходнеславянскай філалогіі Варшаўскага універсітэта. Працавалі традыцыйныя для гэтай канферэнцыі 3 секцыі: літаратуразнаўчая, мовазнаўчая і гістарычна-культуралагічная.
У працы літаратуразнаўчай секцыі бралі ўдзел як вядомыя даследчыкі, так і маладыя навукоўцы, аспіранты кафедраў беларусістыкі Варшаўскага і Люблінскага універсітэтаў. Тэматычны дыяпазон выступленняў быў таксама дастаткова шырокі і дэманстраваў разнастайнасць кірункаў даследавання сучаснага беларускага літаратуразнаўства.
Праблемам адаптацыі антычнай спадчыны літаратурай Адраджэння было прысвечана выступленне Ганны Карповіч (Люблін) “Антычнасць у мастацкай прасторы паэтычных твораў ХVІ ст.”. Вынікам руплівай пошукавай працы Наталлі Русецкай (Люблін) былі знаходкі невядомых паэтычных твораў “нясвіжскай Мельпамены” Ф.У.Радзівіл. У сваім дакладзе “Невядомыя вершы ў спадчыне Ф.У.Радзівіл” даследчыца пазнаёміла з мастацкімі асаблівасцямі новых твораў у рэчышчы барочнай эстэтыкі, а таксама ў кантэксце ўсёй творчасці пісьменніцы.
Шэраг навуковых паведамленняў закранаў разнастайныя праблемы вывучэння літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя. Ажыўленую дыскусію выклікаў даклад Міколы Хаўстовіча (Варшава), прысвечаны маладаследаванай беларускім літаратуразнаўствам постаці Ігната Яцкоўскага, у якім распавядалася пра жыццёвы і творчы шлях гэтага пісьменніка і выказваліся думкі аб яго магчымым аўтарстве вядомага верша “Зайграй, зайграй, хлопча малы”. Язэп Янушкевіч (Мінск) у выступленні “Будучы збор твораў В.Дуніна-Марцінкевіча ў 2-х тамах (2007-2008) – першае акадэмічнае выданне спадчыны пісьменніка” пазнаёміў з праблемамі падрыхтоўкі гэтага юбілейнага выдання. Ірына Бурдзялёва (Мінск) сваё паведамленне “Сціплая вабнасць арыстакратыі” прысвяціла даследаванню мемуараў вядомай у ХІХ стагоддзі пісьменніцы Габрыэлі Пузыні.
Выступоўцамі разглядаліся разнастайныя праблемы развіцця беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Важныя аспекты даследавання этычных і эстэтычных каштоўнасцей паэзіі “нашаніўства” былі асветлены ў дакладзе Паўла Навойчыка (Мінск) “Паэтыка перакладаў вершаў М.Канапніцкай у кантэксце нашаніўскай лірыкі”. Людміла Сінькова (Мінск) у дакладзе “Жыццёвы і творчы лёс Уладзіміра Жылкі ў асэнсаванні беларускіх літаратуразнаўцаў” звярнулася да асаблівасцей успрыняцця і інтэрпрэтацыі творчых дасягненняў паэта навукоўцамі на розных этапах беларускага літаратуразнаўства. Аляксандр Баршчэўскі (Варшава) прысвяціў сваё выступленне культурнаму і літаратурнаму жыццю беларускай эміграцыі ў Англіі. У яго дакладзе была даследавана тэматыка і праблематыка публікацый на старонках лонданскага часопіса “Беларус”. Катажына Дрозд (Варшава) у сваім выступленні “Максім Гарэцкі, Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў – аб цяжары выбару” разглядала мастацкае асэнсаванне адвечных філасофскіх праблем чалавечай экзістэнцыі аўтарамі ваеннай прозы.
Традыцыйная зацікаўленасць шматлікімі гранямі творчай спадчыны Уладзіміра Караткевіча праявілася ў дакладах Ганны Сало (Люблін) “Дзікае паляванне караля Стаха” У.Караткевіча як прыклад дэтэктыўнай аповесці” і Катажыны Бартноўскай (Варшава) “Калі на Беларусі не вадзілася бульба, або Аб структуры баек Уладзіміра Караткевіча”.
Вялікую ўвагу выклікала выступленне Надзеі Панасюк (Варшава), якое закранала праблемы сённяшняга літаратурнага жыцця. Яе даклад “Ананімная палітычная сатыра ў сучаснай беларускай літаратуры” закранаў мастацкія асаблівасці ананімных твораў, спалучэнне традыцыі і наватарскіх элементаў, народжаных бягучай грамадска-палітычнай сітуацыяй.
На пасяджэннях мовазнаўчай секцыі было прачытана восем дакладаў. Лешак Беднарчук з Кракава прааналізаваў моўныя рэгіяналізмы ў польскамоўным “Віцебскім летапісе” 1768 года М.Панцырнага і С.Аверкі. Дарыюш Вашчыньскі і Марэк Гаўрылюк з Варшавы падзяліліся вынікамі палявых даследаванняў на тэрыторыі Беларусі (Браслаўшчына і Мазыршчына). Ніна Баршчэўская разважала пра ўплыў суседніх народаў на ўласныя назвы Беларусі. Міхал Саевіч з Любліна прадставіў даклад аб зменах у мужчынскім іменаслове Беласточчыны цягам некалькіх дзесяцігоддзяў. Агнешка Баровец з Любліна прачытала даклад аб нелінеарных дзеясловах у польска-беларускай лексікаграфіі. Сяргей Запрудскі расказаў аб паваеннай беларускай лінгвістыцы да 1956 года, г. зн. аб перыядзе, які папярэднічаў стварэнню ў Варшаўскім універсітэце кафедры беларускай філалогіі. Стажор Варшаўскага універсітэта Святлана Сачанка прачытала даклад “Словаўтварэнне ў мове твораў Масея Сяднёва”.
На пасяджэннях гістарычна-культуралагічнай секцыі былі прачытаны даклады “Перспектывы класічнай літаратуры як віду мастацтва ў новым тысячагоддзі: міф ці рэальнасць?” Івана Штэйнера (Гомель), “Беларускі мадэрнізм і асаблівасці эстэтычнай самаідэнтыфікацыі літаратуры пачатку ХХ ст.” Валерыя Максімовіча (Мінск), “Справа царкоўнай уніі ў ВКЛ 1430-х гадоў у сувязі з польска-крыжацкім супрацьстаяннем” Генадзя Сагановіча (Мінск), “Беларусь у гістарыяграфіі Польшчы 90-х гадоў ХХ ст.” Юзaфа ЗЯМЧОНКА (Варшава), «Паэтычная „Kresowa zaduma” („Краёвая рэфлексія”) у авангардным дыскурсе віленскай літаратурнай групы „Żagary”» Ірыны Багдановіч (Мінск), “Умовы развіцця і стан беларускай культуры ў ІІ Рэчы Паспалітай” Лены Глагоўскай (Беласток), “Італія ў культуры і літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу” Надзеі Мазуравай (Люблін), “Беларусь паміж Усходам і Захадам: Пра «Тутэйшых» Янкі Купалы” Беаты Сівэк (Люблін), «Таварыства „Тутэйшыя” (1986-1989) у люстэрку сучаснага беларускага літаратуразнаўства» Сяргея Кавалёва (Люблін), “П’есы Гамбровіча ў Беларусі” Андрэя Масквіна (Варшава).
Абаронена дысертацыя, прысвечаная лінгвістычнай спадчыне Пятра Бузука
24 кастрычніка 2006 г. на спецыялізаваным вучоным савеце ў Данецку (Украіна) адбылася абарона кандыдацкай дысертацыі Алены Міхайлаўны Голуб “Лінгвістычная спадчына П. А. Бузука ў сучасным кантэксце” (спецыяльнасць – агульнае мовазнаўства).
Пётр Апанасавіч Бузук – украінскі і беларускі вучоны, чый уклад у славянскае мовазнаўства цяжка пераацаніць. Актуальнасць праведзенага даследавання не выклікала сумненняў ні ў членаў савета, ні ў тых навукоўцаў, якія адгукнуліся на дысертацыю і аўтарэферат. Як зазначыла прафесар Н.П. Матвеева, “вывучаць спадчыну рэпрэсаваных вучоных – гэта справа гонару сучасных навукоўцаў”. Падкрэсліў важнасць даследавання і член-карэспандэнт НАН Украіны Г.П. Піўтарак: “… П. А. Бузук пакінуў яскравы след у гісторыі ўкраінскага і беларускага мовазнаўства, але яго навуковая спадчына дагэтуль не была дэтальна вывучана і належна ацэнена. А.М. Голуб запоўніла гэты прагал…”.
Праца выканана пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук, прафесара В.А. Глушчанкі (Славянскі дзяржпедуніверсітэт, Украіна). У ёй паслядоўна аналізуецца эвалюцыя поглядаў П.А. Бузука на метадалогію лінгвагенетычнага даследавання; інтэрпрэтацыя вучоным з’яў дагістарычнай і гістарычнай эпох; яго даследаванні ў галіне лінгвістычнай геаграфіі; вызначаецца важнасць пошукаў мовазнаўца для сучаснай навукі.
Аўтарка выказвае шчырую падзяку тым беларускім мовазнаўцам, хто падтрымаў яе даследаванне, даў матэрыялы, дапамог карыснымі і важнымі парадамі: А.А. Крывіцкаму, Г.А. Цыхуну, В.К. Шчэрбіну, В.М. Курцовай, В.Д. Астрэйцы і іншым.
13 лістапада 2006 г. у чытальнай зале Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С. Пушкіна адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі, прымеркаванай да Года Ежы Гедройца. Гэтае мерапрыемства было наладжана рэктаратам універсітэта сумесна з Генеральным Консульствам Рэспублікі Польшча ў г. Брэсце. На адкрыцці выставы прысутнічалі выкладчыкі, студэнты філалагічнага і гістарычнага факультэтаў, прадстаўнікі грамадскасці горада. Адкрываючы выставу, рэктар універсітэта, доктар гістарычных навук, прафесар Мечыслаў Часноўскі ў сваёй кароткай прамове акцэнтаваў увагу на грамадзянскую пазіцыю Ежы Гедройца. Запрошаныя на сустрэчу супрацоўнікі парыжскага часопіса “Культура” Наталля Гарбанеўская, прафесар Лешак Шаруга, доктар Марэк Жаброўскі звярталіся да багатай інтэлектуальнай спадчыны “апошняга грамадзяніна ВКЛ”, дзяліліся асабістымі ўражаннямі пра шматгранны талент, чалавечыя якасці вялікага Рэдактара.
Аляксандр Вабішчэвіч
15 лістапада 2006 г. у Доме Дружбы ў Мінску адбылася прэзентацыя Года нямецкай культуры ў Беларусі, якую прадставіў намеснік главы місіі Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германіі Фрыд Нільзэн.
Праект “Імгненні культуры–2007: Чатыры пары года нямецкай культуры” ажыццяўляецца Пасольствам Германіі ў Беларусі і Інстытутам імя Гётэ ў Мінску ў супрацоўніцтве з іншымі нямецкімі арганізацыямі і прадстаўніцтвамі ў Беларусі.
Распачынаюць праект зімовыя забавы, сярод якіх: канцэрт “Скарбы сусветнай музыкі з Баварыі” (Белдзяржфілармонія, 16 студзеня 2007 г.), выстава нямецкай кнігі, а таксама карнавал па-кёльнску.
Актуальная інфармацыя пра ўсе мерапрыемствы і месца іх правядзення змяшчаецца пад адрасам: www.kulturmomente2007.de
10-годдзе выкладання беларускай мовы ў Прэшаўскім універсітэце
5-6 кастрычніка 2006 г. у Прэшаве адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Славацка–славянскія моўныя, літаратурныя і культурныя сувязі», прысвечаная 10-годдзю вывучэння беларускай і балгарскай моў на філасофскім факультэце Прэшаўскага універсітэта (ПУ) у Славакіі.
У гістарычным цэнтры горада Прэшаў ва ўсходняй Славакіі ў сценах Прэшаўскага універсітэта сустрэліся славісты з васьмі краін: Славакіі, Беларусі, Балгарыі, Польшчы, Расіі, Украіны, Літвы і Венгрыі, каб паказаць жыццёвасць і трываласць славянскіх кантактаў на сучасным этапе.
За два дні плённых дыскусій прагучала 44 даклады, у якіх разглядаліся славацка-славянскія сувязі. Навукоўцы выступалі ў трох секцыях – мовазнаўчай, літаратуразнаўчай і аспіранцкай.
Канферэнцыю адкрылі на пленарным пасяджэнні праф. Ян Доруля са Славацкай акадэміі навук (даклад “Славацкая мова ў кантэксце славацка-славянскіх і славацка-неславянскіх сувязяў”), дац. Стоян Вітлянаў з Шуменскага універсітэта (Балгарыя) з гістарычным дакладам “Другая сталіца Дунайскай Балгарыі”, дэкан Прэшаўскага універсітэта праф. Рудольф Дупкала з каштоўным для філолагаў філасофскім поглядам на мову ў дакладзе “Спрэчка наконт характару “славянскай філасофіі” ў Славакіі ў ХІХ стагоддзі” і дац. Вікторыя Ляшук, першы і цяперашні выкладчык беларускай мовы на кафедры славістыкі Прэшаўскага універсітэта, з дакладам “Мова славянскага фальклору ў тыпалагічных даследаваннях”.
Акрамя вучоных, да прысутных звярнуліся з прамовамі высокія госці з Пасольстваў Беларусі і Балгарыі ў Славакіі – балгарскі пасол Огнян Гаркоў і Першы сакратар Беларускага пасольства Л.І. Мартынаў, якія засведчылі сваю падтрымку кафедры славістыкі не толькі словамі, але і падарункамі: кнігамі, фільмамі і рознымі матэрыяламі пра свае краіны.
Найбольшую колькасць дакладаў падрыхтавалі навукоўцы са Славакіі, у тым ліку са Славістычнага аддзела АН і універсітэтаў у Браціславе, Нітры, Ружомберку і Прэшаве, з базавай школы ў Свідніку. Перш за ўсё хочацца адзначыць даклад загадчыцы кафедры славістыкі праф. Юліі Дудашовай, якая звярнулася да тэматыкі гістарычнага значэння першых з’ездаў славістаў у дакладзе “Тэарэтычна-метадычны ўклад І з’езда славістаў (1929) у славацкае мовазнаўства”.
Беларускую тэматыку ў параўнальна-супастаўляльным аспекце – мову, літаратуру і культуру – прадстаўлялі, акрамя дац. Вікторыі Ляшук, таксама дац. Наталля Кісялёва з Нітры (даклад “Славацка-славянскія арэальныя ўзаемасувязі”), прэзентантка беларускай мовы ў Літве загадчыца кафедры беларускай філалогіі і міжкультурнай камунікацыі Вільнюскага педагагічнага універсітэта дац. Лілія Плыгаўка (даклад “Сацыялінгвістычная сітуацыя ў сучаснай Літве”), кандыдат навук Алег Копач з Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Мінску (даклад “Структура ўласных імёнаў мікратапааб’ектаў Славакіі і Беларусі ў святле семасіялогіі і анамасіялогіі”), славацкія філолагі з Прэшава, якія неаднаразова асвятлялі беларускую праблематыку: дац. Ладзіслаў Бартко (даклад “Паралелі і адрозненні ў гісторыі славацкай і беларускай літаратурных моў”) і дац. Йозэф Шаляпец (даклад “Беларуская мова і літаратура ў творах Марціна Гаталы”). Беларускі ракурс, як і ў некалькіх сваіх манаграфіях, закрануў польскі гісторык праф. Рышард Радзік, звярнуўшыся да славянскага адраджэння, напрамую звязанага як з мовай, так і з культурай і літаратурай (даклад “Славацкае нацыянальнае адраджэнне ў кантэксце працэсаў нацыяўтварэння ва ўсходніх і заходніх славян”), а таксама аўтарытэтная русістка дац. Ніна Шчыпанская (даклад “Славянскія моўныя паралелі ў фальклоры”). Выпускніца Беларускага дзяржаўнага універсітэта, а цяпер навуковы супрацоўнік Украінскай акадэміі навук Валянціна Феданюк, выкладчыца славацкай мовы ў Кіеве, падрыхтавала даклад “Моўны вобраз свету і аксіялогія”. Трэба адзначыць актуалізацыю русінска-беларускай тэматыкі, што натуральна для навуковага асэнсавання ва Усходняй Славакіі, дзе жывуць і прэзентуюць сябе перыёдыкай, культурнымі мерапрыемствамі, вывучэннем і выкладаннем сваёй мовы русіны. Сваю зацікаўленасць беларускай тэмай у даследаванні гісторыі русінаў зноў прадэманстраваў масквіч Міхаіл Дронаў – у дакладзе “З гісторыі беларуска-русінскіх культурных сувязяў”. Русінска-славацкія моўныя кантакты разгледзела аспірантка Алена Бліхава.
Канферэнцыя паказала, што беларусісты актывізаваліся ў сценах Прэшаўскага універсітэта, значны навуковы імпульс атрымалі выпускніцы, цяпер аспіранткі кафедры славістыкі мгр. Івана Джундова, якая выступіла з дакладам “Славацка-беларускія сувязі ў кантэксце гісторыі мовазнаўства” і мгр. Яна Юскова – даклад “Канчаткі неадушаўлёных назоўнікаў Р.скл. м.р. -а / -у ў сучасных славацкай і беларускай мовах”.
Балгарска-славацкія кантакты разглядалі ў сваіх дакладах намеснік дэкана Шуменскага універсітэта і адначасова першая выкладчыца балгарскай мовы ў ПУ дац. Надка Ніколава (“Царкоўнаславянская мова ў моўнай сітуацыі часоў балгарскага адраджэння”), дэкан філалагічнага факультэта Шуменскага універсітэта дац. Стоян Вітлянаў (сумесны з М. Ніколавым даклад “Рамесніцкая тэрміналогія ў балгарскіх і славацкіх фразеалагізмах”), цяперашні выкладчык балгарскай мовы ў ПУ д-р. Мікалай Ніколаў (“Простыя тэмпаральныя сістэмы ў балгарскай і славацкай мовах”), дац. Марыя Кошкава з Браціславы (“Асіметрыя тэрміналагічных спалучэнняў у балгарскай і славацкай мовах”).
Славацкія даследчыкі не пакінулі па-за ўвагай традыцыйную для славакістыкі дыялектную сферу: даклады праф. Міколы Штэца “Да некаторых пытанняў дыялектных кантактаў”, кандыдата навук Веры Ковачавай “Славацка-ўкраінскія моўныя сувязі і іх адлюстраванне ў сатацкіх дыялектах паўночна-ўсходняга Земпліна”, мгр. Марты Бенькавай “Фанетычная сістэма і марфалагічная будова ўкраінскіх гаворак з верхняга цячэння ракі Цырохі”. Разглядаліся таксама тыпалогія граматычных катэгорый (праф. Юрай Ванько ў дакладзе “Канструкцыі з рэфлексійным фармантам si ў славацкай мове і іншых славянскіх мовах”, мгр. Марта Войтэкава ў дакладзе “Прыназоўнік у сістэме часцін мовы ў заходнеславянскіх мовах”), славацка-славянскія фразеалагічныя кантакты (кандыдат навук Дана Балакава), пытанні перакладу (кандыдат навук Уладзімір Коцвар у дакладзе “З праблематыкі перакладу стараславянскіх тэкстаў на славацкую мову”), пазіцыя мовы ў навуковай парадыгме (мгр. Ленка Бенькава ў дакладзе “Месца ўкраінскай мовы ў сям’і славянскіх моў”).
Славацкія русісты выбралі выразны лінгвакультуралагічны ракурс, у тым ліку ў супастаўляльным руска-славацкім плане: даклад дырэктара ІРУіС праф. Йозэфа Сіпкі “Што хаваюць абрэвіятуры?”, кандыдата навук Дарыны Антаняковай (“Лексема дед як кампанент фразеалагічных адзінак, парэмій і іншых устойлівых спалучэнняў у руска-славацкім кампаратыўным плане”), кандыдата навук Ганны Петрыкавай (“Рэлігійны канцэпт Бог у руска-славаціх моўных супастаўленнях”).
Прадстаўнічую навуковую сілу прэзентавалі польскія даследчыкі з універсітэтаў Кракава і Любліна. Польская мова ў параўнанні з мовамі-“юбіляркамі”, беларускай і балгарскай, мае ў Прэшаве больш даўнія традыцыі – яе выкладаюць ужо амаль 40 гадоў. У чаканні свайго годнага юбілею польская мова застаецца аб’ектам актыўнай увагі і асэнсавання – у асобах праф. Марылі Папеж (даклад “Кантрастыўнае апісанне славацкага і польскага словаўтварэння”), д-ра Бажэны Катулі (сумесны з Даротай Філар даклад “Моўны вобраз свету: польскія і славацкія назвы жэстаў, звязаных з этыкай”) і д-ра Артура Чэсака (“Сучасныя спробы развіцця, апісання і кадыфікацыі новых славянскіх моў (верхнешлёнская, усходнеславацкая, падляская)”). Славацкая паланістка дац. Марта Панчыкава разгледзела праблематыку польскай і славянскай лексікі ў параўнальным аспекце.
Венгерскую славакістыку прадстаўляла праф. Марыя Жылакава з дакладам па сацыялінгвістыцы, прысвечаным балгарскай меншасці ў славацкай вёсцы Чыў.
Літаратуразнаўства ў асноўным прэзентавалі славацкія навукоўцы, якія славацкую літаратуру вывучаюць у славянскім кантэксце (дац. Петэр Каша ў дакладзе “Патэнцыі славянскай (славацкай) паэзіі П.-Й. Шафарыка і Й.-М. Гурбана”, Катарына Вільчакова ў дакладзе “Славацка-славянскія сувязі ў творчасці Даніэла Крмана”, Інгрыд Ілчыскова ў дакладзе “Гістарычныя матывы ў творчасці Й.-М. Гурбана і А. Краліцкага”). Польскую літаратуру разглядалі дацэнты Марта Соўчкава (параўноўвала славацкую і польскую жаночую прозу) і Ян Гавура (скіраваўся на творчасць В. Шымборскай), балгарскую – мгр. Марэк Мітка (пра творчасць Г. Гаспадзінава).
Будучыня славістыкі, сем аспірантаў ПУ, разгледзелі ў сваіх канфрантатыўных дакладах тэмы ў межах дысертацыйных даследаванняў, скіраваных на беларускія, балгарскія, польскія, украінскія і русінскія кантакты са Славакіяй на ўзроўні мовы, літаратуры і культуры. Выкладчыкі славянскіх моў самі сталі аб’ектам навуковай увагі ў дакладзе “Славянскія выкладчыкі ў Прэшаўскім універсітэце – рэпрэзентанты культуры свайго народа” загадчыцы кафедры музыкі ПУ дац. Ірэны Мяднянскай.
Прэшаўскі універсітэт, які актыўна падтрымлівае славянскія мовы, робіць свой важкі ўклад у пашырэнне беларусістыкі: у 2005 г. яго закончылі шэсць першых у Славакіі беларусістаў. Спадзяёмся, што славацка-беларускія сувязі, і асабістыя, і навуковыя, надалей будуць злучаць і ўзбагачаць нашыя славянскія краіны.
Магістр Івана Джундова
29 лістапада 2006 г. на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта былі праведзены VІІ Шырмаўскія чытанні, прысвечаныя 25-годдзю лабараторыі беларускага фальклору БДУ. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел студэнты, магістранты, аспіранты, выкладчыкі і навуковыя работнікі з пяці ВНУ рэспублікі (БДУ, БДПУ, БДУКіМ, МДЛУ, ГДУ) і аднаго навуковага інстытута (ІМЭФ НАНБ). У перапынку пленарнага пасяджэння для гасцей выступіў фальклорны гурт “Тутэйшая шляхта” – пастаянны сябра лабараторыі беларускга фальклору. Працавалі 3 секцыі: “Фальклор–Літаратура–Культура”, “Абрадавы фальклор беларусаў”, “Традыцыйны фальклор беларусаў”. Сярод дакладчыкаў былі: Алесь Лозка (“Таварыства беларускай школы” і вусная народная творчасць (да 85-годдзя ўтварэння)”); Казакова Ірына (“Адлюстраванне міфалагічнай свядомасці ў розных жанрах беларускага фальклору”); Шамякіна Таццяна (“Казкі беларусаў і іншых народаў свету пра пеўня”).
16-19 лістапада 2006 г. у Вашынгтоне прайшла штогадовая канферэнцыя Амерыканскай асацыяцыі садзеяння славістычным даследаванням (ААССД). З’езды ААССД – гэта старанна падрыхтаваныя пасяджэнні шматлікіх, тэматычна звязаных, маленькіх (3-4 дакладчыкі, 2-3 дыскутанты) секцый і значна меншай колькасці “круглых сталоў”. Усе дакладчыкі добра арыентуюцца ў праблематыцы выступленняў сваіх калег, дыскутанты знаёмяцца з секцыйнымі дакладамі папярэдне і абавязаны своечасова і нефармальна падрыхтаваць разгорнутыя пісьмовыя заключэнні па ўсіх дакладах, якія маюць чытацца на паседжаннях секцый. На з’ездах ААССД заўсёды плённыя дыскусіі па самых разнастайных славістычных тэмах, дзе, аднак, асабліва заўважнае месца займае паліталогія.
На паседжаннях шэрагу секцый непасрэдна і ўскосна асвятлялася і беларусістычная праблематыка.
Ніжэй прыведзены адпаведныя дадзеныя з выкарыстаннем інфармацыі, змешчанай у асеннім бюлетэні Паўночнаамерыканскай асацыяцыі беларусістаў, гл. www.belarusianstudies.org
Thursday, November 16
Session 2 (3:15-5:15)
Panel 2-11: "Muscovite Military Operational, Frontier Governmental, Ethnic Managerial, and Literary Capabilities and Limitations in Mid-17th Century Eastern European Warfare"
- Richard Hellie (University of Chicago). "Muscovy's Dealings with Conquered Foreigners in the Thirteen Years' War"
- Peter B. Brown (Rhode Island College). "Biting Off More Than They Could Chew: Russian Armies in Belarus, 1654-55"
Friday, November 17
Session 4 (8:00-10:00 AM)
Panel 4-15: "Urban Suffering and Transformation: The USSR 1941-1947"
- Laurie R. Cohen (University of Innsbruck, Austria) "Mobilization at the Border: Smolensk under Nazi Occupation, 1941-1943"
- Theodore Richard Weeks (Southern Illinois University) "Ethnic Cleansing as Socialist Nation-Building: Vilnius, 1944-1947"
Session 5 (10:15 AM-12:15 PM)
Panel 5-21 "Sociolinguistic Perspectives on Eastern European and Eurasian Languages"
- Newel Anthony Brown (Brigham Young University). "Interethnic and Intraethnic Dynamics Influencing Language Maintenance and Shift among Belarusian University-Age Students"
Session 7 (4:30-6:30 PM)
Panel 7-07 "Jewish Urban Life in Late Imperial Russia"
- Andrew Sloin (University of Chicago). "Tates and Deti (Fathers and Children): Generational and 'Class' Conflict in Pre-Revolutionary Jewish Minsk"
Panel 7-30 "Language Contact and Ethnic Identity in Slavic Borderland Communities in East Central and Eastern Europe"
- Curt Woolhiser (Harvard University). "Continuum Grammars and Fused Lects: Modeling Linguistic Convergence in the Belarusian Speech Territory"
- Michael Moser (Vienna University, Austria). “Some Comparative Considerations on the Prostaja Mova, Jazychije, and Surzhyk”
Saturday, November 18
Session 9 (10:15 AM-12:15 PM)
Roundtable 9-22 "The 2006 Presidential Elections in Belarus"
Chair: Zina J. Gimpelevich (University of Waterloo, Canada)
Session 11 (4:15-6:15 PM)
Roundtable 11-23: "Confessionalization and Its Discontents: Orthodoxy in Russia, Ukraine, and Belarus, 17th-19th Centuries"
Sunday, November 19
Session 13 (10:15 AM-12:15 PM)
Panel 13-09: "Nationalism, Identity, and Politics in Ukraine and Belarus: An Update"
- Grigory Ioffe (Radford University) "Belarus: Triumphs and Pitfalls of Creole Nationalism"
- Stephen Leonard White (University of Glasgow, UK) "Belarus and Ukraine: Comparing International Orientations"
У поўным выглядзе праграму чарговай канферэнцыі ААССД гл. пад адрасам:
www.fas.harvard.edu/~aaass/convention/2006program.pdf
У гонар Настаўніка
7–8 снежня 2006 г. на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта прайшла ІІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Фальклор і этнакультура Палесся ў індаеўрапейскім кантэксце”, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага фалькларыста Анатоля Сямёнавіча Фядосіка. Арганізатарамі канферэнцыі былі Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Працавала 3 секцыі: “Навуковая спадчына А. С. Фядосіка і сучасная фалькларыстыка”, “Міфалогія–Фальклор”, “Фальклор–Этнакультура”. На пленарным пасяджэнні выступі навукоўцы-калегі, паплечнікі па навуковай рабоце і вучні А.С.Фядосіка: праф. К.П.Кабашнікаў, загадчык аддзела фалькларыстыкі ІМЭФ імя К. Крапівы НАНБ А.С.Ліс, загадчык кафедры грамадскіх дысцыплін філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта (Бабруйск) А.М.Ненадавец, загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ Т.І.Шамякіна, дырэктар кабінета-музея беларускай народнай культуры філалагічнага факультэта БДУ праф. І.В.Казакова.
У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў канферэнцыі была асоба Анатоля Сямёнавіча Фядосіка (1926–2005) – фалькларыста, доктара філалагічных навук (1974), прафесара (1981), які ў 1953 г. скончыў філалагічны факультэт БДУ. З 1961 г. працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі (з 1962 г. вучоны сакратар, з 1967 г. – намеснік дырэктара па навуковай рабоце). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986). З 1990 г. – заслужаны дзеяч навукі РБ. На працягу многіх гадоў А.С. Фядосік з’яўляўся старшынёй Дзяржкамісіі па прыёме выпускных экзаменаў на філалагічным факультэце БДУ. Надрукаваў больш за 350 навуковых работ, у тым ліку 30 манаграфій і брашур. На заключным пленарным пасяджэнні было прынята рашэнне аб правядзенні штогодніх навуковых Фядосікаўскіх чытанняў, пачынаючы з 2008 г., на базе Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі і Беларускага дзяржаўнага універсітэта – alma mater Анатоля Сямёнавіча.
21–25 лістапада 2006 г. у Інстытуце славянскай філалогіі Вроцлаўскага універсітэта (Польшча) адбылася чарговая, ужо восьмая, Міжнародная навуковая канферэнцыя “Слова і сказ у славянскіх мовах. Апісанне, канфрантацыя, пераклад”, арганізаваная праф. Міхалам Сарноўскім і дац. Уладзімірам Высачаньскім.
У працы канферэнцыі прымалі ўдзел славісты з розных краін свету: Германіі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Чэхіі і інш. Беларусь прадстаўлялі дакладчыкі з БДУ і Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАНБ. Праф. Т.М.Валынец выступіла на пленарным пасяджэнні з дакладам “Производное слово в художественном мире поэта», у секцыйных дакладах дац. І.Э.Ратнікавай “Ономастический алфавит белорусов: концепт ПОЛОЦК в литературе и публицистике”, Т.Р.Рамзы “Ідыяматызацыя наймення аднаго беларускага фантома” і Т.В.Валодзінай “Семантыка саматызма ў кантэксце апазіцыйнай бінарнасці” асвятлялася беларусістычная праблематыка.
30 лістапада 2006 г. Літоўская асацыяцыя беларусістаў сумесна з Кафедрай беларускай філалогіі і міжкультурнай камунікацыі Вільнюскага педагагічнага універсітэта і Саюзам пісьменнікаў Літвы правяла канферэнцыю “«Наша Ніва» ў кантэксце віленскай беларускай культуры”, прысвечаную 100-годдзю славутай беларускай газеты “Наша нівы”.
Вітальным словам адкрыла канферэнцыю праф. Альма Лапінскене. У канферэнцыі прынялі ўдзел беларускія і літоўскія навукоўцы, пісьменнікі, паэты, якія закранулі ў сваіх дакладах як агульнафіласофскую і літаратуразнаўчую праблематыку (напр. Уладзімір Някляеў “Літва ў беларускай душы і палітыцы”, Эдуард Акулін “Сучасны літаратурны працэс і беларуска-літоўскае літаратурнае ўзаемадзеянне”), так і канкрэтныя аспекты даследавання “Нашай нівы” (напр. Лілія Плыгаўка “Роля «Нашай нівы» ў выпрацоўцы нормаў літаратурнай беларускай мовы”, Гендрык Пяткевіч “Ня будзем пісаць громка...: Пётра Просты”).
У шэрагу дакладаў асвятляліся праблемы беларускага кнігадрукавання, пачынаючы з часоў Францыска Скарыны і заканчваючы яго сённяшнім станам: Сяргей Цемчын “Выданні Ф.Скарыны ў Супрасльскім манастыры”, Эмілія Легуте “Ф.Скарына ў Вільні”, Андрэй Антонаў “Беларускі друк у Вільні пачатку ХХ ст.”, Алесь Смалянчук “Нашаніўскі варыянт ідэалогіі беларускага нацыянальна- культурнага Адраджэння пачатку ХХ ст.”, Глеб Лабадзенка “Кніга і дзяржаўнасць (Беларускі выдавецкі працэс у Літве ў 20-ыя гады ХХ ст.)”.
Асобны блок склалі даклады, прысвечаныя ролі самой газеты і яе заснавальнікаў у станаўленні беларускамоўнага друку (напр. Эдмундас Гімжаўскас “«Наша ніва» ў тагачасным гістарычным кантэксце”, Галіна Войцік “Іван Луцкевіч – адзін з заснавальнікаў «Нашай нівы»”), а таксама адлюстраванні тагачасных твораў прыгожага пісьменства на яе старонках (Леакадзія Мілаш “М.Багдановіч і «Наша ніва»”, Ніна Пяткевіч “Мастацкая літаратура на старонках «Нашай нівы»”).
Лірычную частку праграмы канферэнцыі склалі вершы і музыка Л. Дранько-Майсюка і А. Мядзведзeва.
Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт, факультэт рускай філалогіі і факультэт славістыкі Вільнюскага педагагічнага універсітэта запрашаюць для ўдзелу ў Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Язык и межкультурные коммуникации», якая ладзіцца 25–28.04.2007.
На канферэнцыі мяркуецца праца ў наступных кірунках:
1. Мова ў полікультурнай прасторы.
2. Мова ў дыялогу культур.
3. Міжкультурныя камунікацыі і СМІ.
4. Нацыянальна-культурная спецыфіка сродкаў камунікацыі.
5. Лінгвістычныя запазычанні як адлюстраванне міжкультурных узаемадачыненняў.
6. Тэорыя і практыка перакладу ў аспекце міжкультурных камунікацый.
7. Культура маўленчых стасункаў. Маўленчыя паводзіны. Маўленчы этыкет.
8. Лінгвакраіназнаўства і этналінгвістыка.
9. Герменеўтыка і мова “магчымых сусветаў” (язык «возможных» миров).
10. Безэквівалентная лексіка і лакуны.
11. Мова ва ўмовах білінгвізму і полілінгвізму.
12. Метафара і вобразы мовы.
13. З досведу стварэння нацыянальна арыентаваных вучэбных матэрыялаў у парадыгме міжкультурнай камунікацыі.
Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна да 15.02.2007 накіраваць на адрас аргкамітэта наступныя матэрыялы:
– заяўку на ўдзел (форма дадаецца);Прадугледжваюцца наступныя формы працы: удзел у пленарных пасяджэннях (даклад да 20 мін.), удзел у працы секцый (да 15 мін.), “круглыя сталы”.
Рабочыя мовы – усе славянскія, балтыйскія і англійская.
Арганізацыйны ўнёсак – 10 $ (удзел у адной краіне).
Просім паведаміць, плануеце Вы ўдзел у канферэнцыі ў Мінску і ў Вільнюсе ці толькі ў адным з гарадоў (у заяўцы ўказаць дзе).
Для афармлення запрашэння на атрыманне візы просім падаць разам з заяўкай ксеракопію пашпарта (старонка з фотаздымкам і папярэдняя).
Матэрыялы і заяўкі просім дасылаць электроннай поштай на адрасы:
starichenok@mail.ru, BalTV@inbox.ru, belfil@vpu.lt.
Патрабаванні да матэрыялаў: аб’ём тэксту да 3 старонак (шрыфт Times New Roman, кегль 14, інтэрвал 1,5; палі: злева, зверху, знізу – 25 мм, справа – 10 мм). Ссылки: [1, с. 32]
Узор афармлення матэрыялаў:
Асоба ў гісторыі: гераічнае і трагічнае: Матэрыялы Другой міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай памяці прафесара У.У. Мелішкевіча (Брэст, 12-13 лістапада 2004 г.). Рэд. рада: А.М. Вабішчэвіч [і інш.]. – Брэст: Академия, 2006. – 376 с.
Надрукаваны зборнік матэрыялаў – гэта вынік працы чарговай канферэнцыі, якая адбылася ў лістападзе 2004 г. У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна ўжо сталі традыцыйнымі канферэнцыі “Асоба ў гісторыі: гераічнае і трагічнае”, прысвечаныя памяці прафесара У.У. Мелішкевіча (1942–1994), якому належыць значная роля ў адкрыцці і станаўленні гістарычнага факультэта. Геаграфія прадстаўленых у ім аўтараў публікацый ахоплівае не толькі розныя гарады Беларусі, але і Польшчы, Літвы, Украіны. Аўтарамі з’яўляюцца як сталыя навукоўцы, так і аспіранты, студэнты. Праблемны дыяпазон іх навуковых пошукаў ахоплівае разнастайныя аспекты як айчыннай, так і сусветнай гісторыі, культуралогіі. Тэматычнай навізной і змястоўнасцю вылучаюцца артыкулы па вуснай гісторыі, а таксама публікацыі па краязнаўстве (В.Левандаўскас “Отражение жизни Наполеона Орды в рисунках Брестчины”, О.В.Миронова “Роль Валентия Швыковского в развитии г. Пружаны”, І.Цітовіч “Заходнебеларускае грамадства ў краязнаўчым руху 1921–1939 гг.”, А.І.Пашковіч “Сям’я Крахельскіх у гісторыі Палесся” і інш.).
Аляксандр Вабішчэвіч
Хаўстовіч, Мікола. Айчына здалёку і зблізку (Ігнацы Яцкоўскі і Аляксандар Рыпінскі). Мінск, 2006. 280 с.
У прадмове да кнігі аўтар у крытычна-праблемным плане ставіць пытанне атрыбуцыі розных твораў беларускай літаратуры ХІХ ст. (лічачы яго першачарговым для беларускага літаратуразнаўства) і закранае праблему ўзроўню беларускіх літаратуразнаўчых даследаванняў, прысвечаных пісьменнікам ХІХ стагоддзя. У прыватнасці, М.Хаўстовіч заўважае, што існуючыя кнігі пра Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлю, А.Абуховіча, Я.Баршчэўскага, Я.Лучыну “далёкія ад дасканаласці” (с. 3). У раздзеле “Жыццёвы і творчы шлях Ігнацы Яцкоўскага” аўтар выкарыстоўвае шматлікія невядомыя і малавядомыя матэрыялы і пераглядае праблему аўтарства славутага верша “Заграй, заграй, хлопча малы”. На думку М.Хаўстовіча, гэты твор напісаў Ігнацы Яцкоўскі, аўтар кнігі “Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды”, у якой верш “Заграй, заграй, хлопча малы” ўпершыню ўбачыў свет. Другі раздзел кнігі прысвечаны Аляксандру Рыпінскаму, а ў якасці дадатка ў беларускамоўным перакладзе змешчана парыжская кніга А.Рыпінскага 1840 года “Беларусь”.
Сысоў, У.М. Духоўная спадчына Старадарожчыны. Этнаграфічна-фальклорныя матэрыялы / У.М.Сысоў. Мінск: Беларус. навука, 2006. – 150 с.
“Ёсць на зямлі людзі, якія выпраменьваюць святло і пасля таго, як скончыцца іх жыццёвы шлях. А пакуль жыве памяць пра іх, пакуль гарыць святло іх далёкай зоркі – яны прысутнічаюць-знаходзяцца на зямлі. Ды інакш і быць не можа, бо пасля сябе яны пакідаюць сляды ў выглядзе жыццёвага здабытку, творчай спадчыны, якая застаецца запатрабаванай на доўгія гады”, – такімі словамі пачынаецца кніга “Духоўная спадчына Старадарожчыны. Этнаграфічна-фальклорныя матэрыялы”. Тут прадстаўленыя запісы вядомага беларускага фалькларыста Уладзіміра Мінавіча Сысова. На вялікі жаль, яго ўжо дзесяць гадоў з намі няма. А жыццё яго і дзейнасць былі прысвечаныя менавіта справе зберажэння народнай духоўнай культуры.
Кніга цудоўна аформлена. Цёплыя нататкі пра жыццё і творчасць падрыхтаваў Аляксандр Цітавец, ён жа і ўкладаў кнігу разам з удавою вучонага Нінай Фёдараўнай Сысовай. У.М. Сысоў паездзіў з фальклорнымі экспедыцыямі па ўсёй Беларусі, аднак з большай стараннасцю і душэўнай цеплынёй запісваў матэрыялы на роднай Старадарожчыне. Значная частка з сабранага рупным збіральнікам увайшло, арганічна ўплялося, у па-майстэрску ўкладзеную кнігу. Нават раздзелы яе: “Да глыбінь народных, да глыбінь жыватворчых”, “Сямейна – абрадавая паэзія” і “Пазаабрадавая творчасць” – нібы дапаўняюць адзін аднаго, і, разам з тым, у папярэднім знаходзім працяг наступнага.
У зборніку прадстаўлена ўсё багацце жанраў вуснай паэзіі, якія зберагліся тут да сённяшняга часу. Гэта выданне – сведчанне жыцця духоўнай спадчыны, якая трывала трымаецца ў памяці ці нават у жывым бытаванні жыхароў раёна.
Т.В.
Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі: зб. арт. Вып. 3 / Пад нав. рэд. Т.А. Марозавай, В.В. Прыемка. – Мінск: Бестпрынт, 2006. – 274 с.
У трэці выпуск навуковага зборніка, падрыхтаванага кафедрай тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, увайшлі артыкулы, прысвечаныя актуальным праблемам фалькларыстыкі. Гэта даследаванні, якія сталі вынікам працы над навуковым праектам – пераможцаў конкурсу грантаў для студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў БДУ (2005 г.) і матэрыялы Шырмаўскіх чытанняў, праведзеных 30 лістапада 2005 г. на філалагічным факульгэце БДУ. Аўтары выказваюць арыгінальныя гіпотэзы, шукаюць перспектыўныя шляхі і прыёмы аналізу фальклорных і літаратурных тэкстаў, культурных з’яў, уводзяць у навуковы ўжытак новыя матэрыялы. «Фалькларыстычныя даследаванні» скіраваны на ўсебаковую рэпрэзентацыю традыцыйнага і сучаснага фальклору. Аўтары артыкулаў імкнуцца аналізаваць фальклорна-міфалагічную традыцыю ва ўсіх яе формах і праявах – натуральнай (аўтэнтычнай) і апасродкаванай літаратурай – праз вывучэнне мастацкага асэнсавання беларускай ментальнасці, фальклорных і міфалагічных асноў мастацкіх твораў, рэмінісцэнцый і алюзій, месца фальклору ў структуры літаратурных твораў, асэнсаванне і вырашэнне тэарэтычных пытанняў фальклору.
Адрасуецца спецыялістам у галіне фалькларыстыкі, этналогіі і літаратуразнаўства, студэнтам і магістрантам, а таксама ўсім, каго цікавяць пошукі сучаснай гуманітарнай навукі.
Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 3. Гродзенскае Панямонне. У 2 кн. / В.І. Басько [і інш.]; аўт. ідэі Т.Б. Варфаламеева; агул. рэд. Т.Б. Варфаламеевай. – Мінск: Выш. шк., 2006. – Кн.1. – 608 с. Кн. 2. : каляр. іл.
Трэці том шасцітомнага выдання "Традыцыйная мастацкая культура беларусаў" прысвечаны Гродзенскаму Панямонню і раскрывае асаблівасці аўтэнтычных формаў асноўных відаў і жанраў народнай культуры гэтага рэгіёна. Праца грунтуецца на новых матэрыялах, назапашаных аўтарскім калектывам – супрацоўнікамі лабараторыі традыцыйнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры на працягу 1999-2001. Першы раздзел "Гродзенскае Панямонне" – гэта своеасаблівы гісторыка-этнаграфічны экскурс, далей ідуць раздзелы, прысвечаныя розным аспектам традыцыйнай мастацкай культуры жыхароў гэтага рэгіёна. Кожнаму раздзелу папярэднічаюць уступныя артыкулы, якія абагульняюць матэрыялы раздзела і вызначаюць спецыфічныя асаблівасці таго ці іншага віду аўтэнтычнай народнай культуры Гродзенскага Панямоння. У аснове абедзвюх кніг — матэрыялы, запісаныя ад мясцовых жыхароў 1901–1955 г.н., што дае магчымасць назіраць дынаміку традыцыйнай культуры рэгіёна ў прасторы і часе.
Прынцыповая пазіцыя аўтарскага калектыву, як агаворвае гэта ў прадмове аўтар ідэі і рэдактар серыі кандыдат мастацтвазнаўства Т.Б.Варфаламеева, – погляд на культуру рэгіёна не толькі з пункту гледжання на яе даследчыка, так бы мовіць, звонку, але і знутры, вачыма саміх яе носьбітаў і знаўцаў. Таму ў гэтым томе, бадай яшчэ больш, чым у двух папярэдніх (Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Т. 1. Магілёўскае Падняпроўе. Мн., 2001; Т.2. Віцебскае Падзвінне. Мн., 2004.), прыведзены выказванні саміх носьбітаў шматлікіх мясцовых аўтэнтычных традыцый. "Голас" традыцыйнай культуры Гродзенскага Панямоння літаральна пранізвае абедзве кнігі: напрыклад, матэрыял раздзела, прысвечанага каляндарным традыцыям, прадстаўлены пераважна ў форме мемаратаў; раздзел народнай прозы цалкам складаецца з твораў розных жанраў, пададзеных у неадаптаваным выглядзе (з нязначнай доляй аўтарскай праўкі); у раздзеле, які разгортвае панараму абрадаў жыццёвага цыклу панямонцаў, простая мова носьбітаў арганічна спалучаецца з аўтарскім тэкстам, гэтыя ж прыёмы вытрымліваюцца ў раздзелах "Традыцыйнае адзенне" і "Традыцыйны народны тэкстыль". Нават у тых раздзелах, дзе спецыфіка матэрыялу вымагае спецыяльнага графічна-вербальнага апісання ("Танцавальны фальклор") або пададзена ў выглядзе нотных расшыфровак ("Пазаабрадавыя песні", "Інструментальная музыка"), іх аўтары імкнуцца захаваць народную тэрміналогію, выразныя характарыстыкі, якія самі выканаўцы, іх слухачы ці гледачы даюць мастацтву аднавяскоўцаў, трапныя выслоўі, прыказкі, прымаўкі, што напаўняе аўтарскія тэксты тым свежым паветрам, якім дыхае сама народная культура.
У раздзеле "Каляндарныя святы, звычаі і абрады" (В. Басько, Т. Кухаронак) вельмі падрабязна і грунтоўна падаюцца народныя святы па праваслаўным і каталіцкім календары. Упершыню ў сістэму народнага календара на матэрыяле Панямоння ўводзіцца і адна з найбольш распаўсюджаных формаў баўлення часу – вячоркі (I. Смірнова).
Сямейна-абрадавы цыкл на тэрыторыі Панямоння, як і паўсюдна на Беларусі, складаецца з трох вялікіх рытуалаў — радзін, вяселля і пахавання. Як паказвае раздзел "Сямейныя звычаі і абрады" (Т. Варфаламеева), спецыфічныя заходнебеларускія рысы ўласцівы кожнаму з названых рытуалаў. Характэрныя ўзоры песень Гродзеншчыны позняга гістарычнага пласта прадстаўлены ў раздзеле "Пазаабрадавыя песні" (Т. Варфаламеева). Адметныя рысы культуры сучаснага аўтэнтычнага інструментальнага музіцыравання раскрывае раздзел "Інструментальная музыка" (М. Козенка).
Багатай і развітай паўстае народная харэаграфія Гродзенскага Панямоння, тыповыя і па-мастацку яскравыя ўзоры якой прадстаўлены ў раздзеле "Танцавальны фальклор" (М. Козенка), што пачынае другую кнігу тома. У раздзеле "Народная проза" (А. Боганева) прадстаўлены ўсе асноўныя вядомыя жанры вуснага апавядання, а таксама вусны народны дыскурс. Прапанаваная аўтарам класіфікацыя твораў прозы Панямоння зыходзіць са спецыфікі самога матэрыялу (у якім, у прыватнасці, нямала міжжанравых формаў) і таму вызначаецца спалучэннем лагічнасці і гнуткасці, што ўласціва самой прыродзе вуснага народнага слова — мастацкага або бытавога.
Дзвюм найважнейшым галінам традыцыйнай матэрыяльнай культуры Гродзенскага Панямоння – адзенню і тэкстылю – прысвечаны заключныя часткі другой кнігі. Шматаспектнасцю апрацоўкі матэрыялу вызначаецца раздзел "Традыцыйнае адзенне" (I. Смірнова). Панямонскія народныя тканіны даследуюцца ў раздзеле "Традыцыйны народны тэкстыль" (В. Лабачэўская), феномен народнага тэкстылю падаецца як сістэмная з'ява ва ўзаемасувязі самых розных аспектаў: гісторыка-генетычнага, этнаграфічнага, кампаратывісцкага, тыпалагічнага, семантычнага, арэальнага, кагнітыўнага, эстэтычнага, тэхналагічнага.
Кніга зроблена з глыбокай павагай да носьбітаў традыцыі, захавальнікаў лепшых узораў вусна-паэтычнай творчасці, народнага мастацтва. У цэлым, том “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Т. 3. Гродзенскае Панямонне”, падрыхтаваны на высокім прафесіянальным узроўні, без сумненняў, можна аднесці да ліку лепшых выданняў беларускага фальклору.
Т.В.
17 снежня 2006 года памёр навуковец, грамадскі дзеяч, народны пісьменнік Іван Якаўлевіч Навуменка.
Нарадзіўся І.Я.Навуменка ў 1925 годзе мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. Суровай жыццёвай школай будучага літаратара і навукоўца стала вайна. Браў удзел у падпольнай дзейнасці, уваходзіў у армейскую разведвальную дыверсійную групу, быў партызанам Васілевіцкай брыгады імя Панамарэнкі. З снежня 1943 года ён – баец Савецкай Арміі. Дэмабілізаваўся з войска ў снежні 1945 года.
Працаваў карэспандэнтам Мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся», а ў 1951–1952 гг. – у рэдакцыі рэспубліканскай газеты «Звязда». У гэты час напісаў першыя артыкулы і рэцэнзіі, прысвечаныя творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, І.Мележа, А.Куляшова, П.Пестрака і іншых пісьменнікаў.
Завочна скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, паступіў у аспірантуру пры БДУ і скончыў яе ў 1954 годзе. Абараніў кандыдацкую дысертацыю «Тэма працы ў творах Якуба Коласа».
З 1953 па 1958 гг. І.Я.Навуменка працаваў загадчыкам рэдакцыі часопіса «Маладосць». З 1958 г. – педагог, старшы выкладчык, дацэнт, з 1969 года – прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры БДУ (1969 – 1972).
З 1972 года – член-карэспандэнт АН БССР, і з гэтага моманту цэнтр ягонай дзейнасці перанёсся ў беларускую Акадэмію. З 1973 па 1982 год узначальваў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы. Двойчы абіраўся віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук. І.Я.Навуменка ўшанаваны званнем заслужанага дзеяча навук Беларусі (1978), у 1980 годзе стаў акадэмікам АН БССР. У 1995 годзе яму было прысвоена званне народнага пісьменніка Рэспублікі Беларусь.
Вяршыня грамадскай чыннасці І.Я.Навуменкі – выкананне абавязкаў Старшыні Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання (1985–1990). Пад ягоным старшынствам быў прыняты шэраг законапраектаў, што спрыялі развіццю нацыянальнай культуры і мовы.
Аўтар шэрагу літаратуразнаўчых манаграфій, зборнікаў крытычных артыкулаў, у тым ліку: «З глыбінь жыцця» (1960), «Янка Купала. Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968), «Кніга адкрывае свет» (1978), «Янка Купала» (1980), «Якуб Колас» (1982), «Элементы міфалогіі ў паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа» (1988) ды іншыя. Глыбока і грунтоўна спасціг мастацкі свет Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, раскрыў прыроду купалаўскага і коласаўскага рамантызму, выявіў яго сувязь з жыццёвым, сацыяльным разладам, барацьбой дабра і зла ў свеце. Вучоны зрабіў тонкія і дакладныя назіранні за вершамі і паэмамі Янкі Купалы, паэмамі «Сымон-музыка» і «Новая зямля», трылогіяй «На ростанях» Я.Коласа. Даследчыцкая дзейнасць І.Я.Навуменкі была адзначана прысуджэннем яму звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа ў 1972 г.
Пад кіраўніцтвам І.Я.Навуменкі былі падрыхтаваны акадэмічныя выданні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» на рускай мове, якія і сёння маюць вялікае навуковае і асветніцкае значэнне.
І.Я.Навуменка прыняў самы актыўны ўдзел у стварэнні новай акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя» ў 4 тамах у якасці навуковага рэдактара і аўтара раздзелаў «Янка Купала», «Максім Багдановіч», «Змітрок Бядуля», «Уладзімір Жылка», «Іван Мележ».
Як арганізатар навукі І.Я.Навуменка шмат зрабіў для ўсталявання ў Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы творчай, плённай для навуковага пошуку атмасферы, адносін добразычлівасці і прафесіяналізму. Пад ягоным навуковым кіраўніцтвам многія аспіранты, суіскальнікі і дактаранты паспяхова абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, а сёння распрацоўваюць самастойныя напрамкі ў нацыянальным літаратуразнаўстве. І.Я.Навуменка забяспечыў плённую працу спецыялізаванага савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый у галіне беларускай літаратуры, старшынёй якога ён быў на працягу многіх гадоў.
Створаная І.Я.Навуменкам літаратуразнаўчая школа, яго навуковыя і мастацкія адкрыцці складаюць гонар беларускай навукі, культуры, літаратуры.
*****
Атрымальнікі "Навінаў МАБ» заахвочваюцца інфармаваць бюро камітэта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў пра асабістыя прафесійныя падзеі, а таксама пра любую беларусістычную актыўнасць у сваёй установе або рэгіёне.
Калі Вы не хочаце атрымліваць падобнай інфармацыі, калі ласка, паведаміце на адрас mabinfo@gmail.com
If you wish to have your address removed from mailing list, please, send a message to mabinfo@gmail.com